Лялькі нашых бабуль

Маці – пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея,
будучае народа, падтрымка ў горы і радасці.
С. Грахоўскі

14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаўся Дзень Маці. З гэтай нагоды ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я ладзіліся сямейныя тэматычныя экскурсіі «Лялькі нашых бабуль» з элементамі майстар-класа па вырабу лялек. У гэты святочны дзень у музей завіталі бацькі з дзецьмі, якія не толькі даведаліся шмат цікавага пра гісторыю ўзнікнення і выкарыстання традыцыйнай лялькі, але і самі ўласнымі рукамі паспрабавалі зрабіць ляльку-абярог для сябе і сваіх блізкіх.

Традыцыйная лялька – незаменны матэрыял для далучэння дзяцей да народнай культуры, якая дае бязмежныя магчымасці творчай самарэалізацыі і развіцця асобы дзіцяці. Сучасныя дзеці магчыма ніколі не бачылі старадаўніх цацак, у тым ліку лялек з тканіны. Змяняецца час, змяняюцца і цацкі. Лялькі таксама змяніліся. Таму знаёмства бацькоў і дзяцей з дзіўным светам традыцыйнай цацкі пачалося з экскурсу ў гісторыю роднага краю.

Падчас правядзення майстар-класа да працэсу стварэння лялек далучыліся не толькі дзеці, але і дарослыя, якія з цікавасцю і імпэтам аднесліся да гэтай справы. У выніку — усе атрымалі для сябе і сваёй сям'і ляльку-абярог. Кожны, хто наведаў Музей ткацтва ў гэты святочны дзень і захацеў актыўна правесці вольны час са сваёй сям'ёй, атрымалі зарад пазітыўнай энергіі і добры настрой на доўгі час.

782