“Нёманскія перасоўнікі”

"Нёманскія перасоўнікі”

У Салігорску адбылася значная культурная падзея – у гарадскім краязнаўчым музеі пачала сваю работу выстава жывапісу і скульптуры "Нёманскія перасоўнікі”.

Выстава ў нашым горадзе – гэта састаўная частка праекта пад агульнай назвай "Выток Нёмана – выток духоўнасці”. Гэты праект – вынік творчага тандэма мінскіх і ўздзенскіх мастакоў і скульптараў.

Прыхільнікам выяўленчага мастацтва свае творы ветліва прадставілі мінчане Леанід Гоманаў, Мікалай Мішчанка, Яўген Шунейка, Фёдар Ладуцька і ўздзенскія мастакі – Андрэй Лычкоўскі, Алесь і Яраслаў Філіповічы.

Па ўласнай ініцыятыве мастакі на прыкладзе сваёй творчасці вырашылі паказаць значнасць гістарычных, геаграфічных і культурных аб’ектаў у мастацтве, а таксама пазнаёміць жыхароў Беларусі з таленавітымі людзьмі нашай краіны.


Шматлікія тэатры, канцэртныя залы, галерэі мастацтваў – у сталічных жыхароў дастаткова магчымасцей, каб правесці з карысцю свой вольны час. Раённыя ж цэнтры ў гэтым сэнсе крыху абдзеленыя.

І вось каб актывізаваць культурнае жыццё ў глыбінцы, вырашана было арганізоўваць там выставы. Творчыя сустрэчы ўжо з поспехам адбыліся ў Нясвіжы, Уздзе, Пінску. У будучым прыхільнікаў мастацтва чакае знаёмства з чароўным светам жывапісу ў Баранавічах, Навагрудку.


Прырода Панямоння - шчодрага на фарбы цудоўнага куточка Беларусі – вось асноўная тэма прадстаўленых на выставе твораў. На першы погляд здаецца, што створаныя вобразы – звычайныя: дрэвы, кветкі, рэкі, небасхіл, а яшчэ дарогі, хаты…

Але гэта толькі здаецца. Трэба проста ўважлівей прыгледзецца, на хвілінку спыніцца ў паўсядзённай мітусні, каб зразумець усё хараство, чароўнасць і непаўторнасць прывычных рэчаў і з’яў. Прырода – гэта загадка, спасцігнуць якую могуць толькі людзі творчыя, людзі тонкай душы і адмысловага светаўспрымання.

Да ліку такіх і адносяцца мастакі. Менавіта ім дадзена такая важная місія данесці да нас усю спазнаную імі таямнічасць наваколля і духоўна ўзбагаціць.

Мастакі вандруюць, пакідаючы ў "месцах прыпынку” свае творы як падарунак, а яшчэ - на добры ўспамін. Новыя знаёмствы і сустрэчы натхняюць іх на далейшую творчую дзейнасць. Неўзабаве нараджаюцца цікавыя ідэі, якія потым знаходзяць сваё ўвасабленне ў карцінах і скульптурных кампазіцыях.

Наталья Гончарик
Фота Наталлі Паўленкі

газета "Шахцёр"


787