Вынікі 2017 г.

Асноўныя падзеі 2017 г.

Творчае суквецце Навагрудчыны. 13.01.2017 г. (Дом культуры)

Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей 13 студзеня прыняў удзел у мерапрыемстве "Творчае суквецце Навагрудчыны", прысвечаным закрыццю Года культуры і адкрыццю Года навукі. Супрацоўнікамі музея была падрыхтавана выстава фотаздымкаў Яна Булгака "Стары Навагрудак". Выставу дапоўнілі цікавыя экспанаты з прыватных калекцый Г.С. Валенцік і М.К. Касабукіна. Прадэманстраваная імі фотатэхніка першай паловы ХХ стагоддзя выклікала вялікую цікавасць сярод удзельнікаў мерапрыемства.

https://ok.ru/navagrudsk/topic/66404938238868

Памяць пакаленняў, да дня Перамогі. 09.05.2017 г. (Плошча Леніна)

Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей прымаў удзел у святочных мерапрыемствах прысвечаных Дню Перамогі. У гарадскім скверы у рамках акцыі "Памяць пакаленняў" дэманстраваліся фотаздымкі Навагрудка 1930 - 1940-х гг. і цікавыя экспанаты ваеннага часу: трафейная нямецкая машынка для друку, самаробны партызанскі патэфон і скураны плашч удзельніка партызанскага руху.

https://ok.ru/navagrudsk/topic/66891470556052

Ноч музеяў. “Музей – дзецям”. 18.05.2017 г. (Музей)

З мэтай прыцягнення ў музей дзяцей і падлеткаў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей падрыхтаваў да 18 мая праграму пад агульнай назвай: “Музей - дзецям”.

Першымі ў музей завіталі дзве групы выхаванцаў УА "Яслі сад №1 г.Навагрудка". Яны сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных гульняў “Юны краязнаўца” і "Падарожжа ў сярэднявечча". Дзеці з захапленнем выконвалі розныя заданні, адказвалі на пытанні супрацоўнікаў музея і атрымоўвалі падарункі.

У 15.00 адбылося адкрыццё новай выставачнай залы музея і адкрыццё выставы жывапісу Віктара Залаціліна “Бераг майго жыцця”. На сустрэчу з мастаком прыйшлі вучні СШ №3, навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа, супрацоўнікі Раённай бібліятэкі і Цэнтра рамёстваў, маладыя інваліды, сябры і знаёмыя Віктара Залаціліна, якія выказалі шмат шчырых цёплых слоў і віншаванняў у яго адрас. Дарэчы, выставачная зала была створана дзякуючы намаганням добраахвотнікаў, сабраўшым сродкі на платформе Talaka.by.

З 16.00 -17.00 у музеі ладзілася выступленне юных гітарыстаў гуртка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Навучанне ігры на гітары” пад кіраўніцтвам Святланы Абдулаевай.

На працягу дня праходзіла акцыя “Падары экспанат музею”, кожны жадаючы мог падарыць музею: старыя рэчы, фотаздымкі, прадметы этнаграфіі і побыту і інш. Падарунак ад музея – бясплатнае наведванне экспазіцыі. Першай з падарункамі ў музей прыйшла Баброўская Ларыса Аркадзьеўна, выхавацель УА "Яслі-сад №1". Яна перадала ў музей асабістыя рэчы сваёй бабулі: драўляную ступку і саматканую спадніцу.

У рамках правядзення Ночы музеяў працавалі дэманстрацыйныя пляцоўкі: фотавыстава з фондаў музея “Мой горад” і “Навагрудчына на кінаплёнцы” СШ №8.

https://ok.ru/navagrudsk/topic/66917360159636

Настаўніца з вялікай літары. У памяць народнай настаўніцы Беларусі Лівенцавай Н.Р. 24.06.2017 г. (Музей)

Мерапрыемства было прымеркавана да 30-годдзя з дня смерці заслужанай настаўніцы БССР Лівенцавай Ніны Рыгораўны (02.06.1921-19.06.1987).

У мерапрыемстве ўдзельнічалі блізкія і родныя настаўніцы: муж Аляксандр Якаўлевіч Лівенцаў, сын Сяргей і дачка Вольга, а таксама сябры і былыя вучні, выпускнікі СШ №2 г. Навагрудка. Адна з былых вучаніц Ніны Рыгораўны - Ала (Альбіна) Сямёнава - журналіст, член саюза пісьменнікаў БССР на мерапрыемстве выказала шмат цёплых слоў у адрас заслужанай настаўніцы, а таксама падаравала гістарычна-краязнаўчаму музею некалькі сваіх кніг.

Ніна Рыгораўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў СШ №2. Менавіта гэтай школе яна прысвяціла 33 гады свайго жыцця, напоўненага сапраўднай тытанічнай працай на ніве асветы і адукацыі. Працы з дзецьмі настаўніца аддала ўсю сябе: свой талент, кіпучую і нястомную энэргію, неабмежаваную волю, бясконцую любоў да сваёй справы і да сваіх вучняў. У Навагрудку ў поўнай меры праявіўся яе талент педагога і аратара. Ніну Рыгораўну любілі і паважалі вучні, іх бацькі і простыя гараджане.

https://ok.ru/navagrudsk/topic/67093715307412

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 03.07.2017 г. (Плошча Леніна)

Супрацоўнікі гістарычна-краязнаўчага музея прынялі ўдзел у святочным шэсці ў калоне работнікаў культуры Навагрудчыны.
https://ok.ru/navagrudsk/topic/67092758678420

Выстава жывапісу і графікі "Навагрудскі замак у творчасці беларускіх мастакоў" 20.07-19.08.2017 г. (Музей)

На выставе дэманстраваліся работы Кастуся Качана, Віктара Сташчанюка, Пятра Каўцэвіча, Віктара Залаціліна, Сямёна Геруса, Віктара Нямцова і інш., якія захоўваюцца ў фондах Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.
https://ok.ru/navagrudsk/topic/67215514880916

Цырымонія адкрыцця памятных знакаў “Дрэва жыцця” і “Дзяўчынка-анёл” на тэрыторыі былога яўрэйскага гета. 26.09.2017 г. (Сельскагаспадарчы ліцэй)

26.09.2017 г. у экспазіцыі “Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку” Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея адбылося адкрыццё памятнага знака загінуўшым у навагрудскім гета ў гады Халакоста.
Мемарыял уяўляе сабой постаць дзяўчынкі ў касцюме анёла, якая стаіць побач з сімвалічным дрэвам жыцця. Прататыпам дзяўчынкі стала Міхле Сасноўская, вязніца навагрудскага гета, якая пасля няўдалай спробы ўцёкаў была закатавана ў турме. Ініцыятарам стварэння кампазіцыі стаў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль, аўтарам – скульптар Уладзімір Панцялееў.
Права адкрыць помнік атрымалі вязні мінскага гета Фрыда Вульфаўна Рэйзман і Якаў Маісеевіч Мурахоўскі і малалетнія вязні нацысцкіх лагераў Міхаіл Кір'янавіч Касабукін і Марыя Мікалаеўна Жычко.
Удзел у цырымоніі адкрыцця памятнага знака прынялі вязні гета і нацысцкіх лагераў, прадстаўнікі ўлады горада, павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Роберт Райлі, тэатральны рэжысёр Ганна Суліма, вакальная група “Чистый голос”, юная вакалістка з Навагрудка Дар’я Аўсяная, госці і жыхары горада.
https://www.youtube.com/watch?v=ucim46i1IsQ&feature=youtu.be

Сустрэча з вучнямі і настаўнікамі Гімназіі №75 г.Мінска імя Масленікава. Перадача музею макета палацава-паркавага ансамбля ў в. Шчорсы. 11.10.2017 г. (Музей)

“Нам засталася спадчына” – так называецца творчы праект вучняў гімназіі. У рамках гэтага праекта быў выкананы макет палацава-паркавага комплекса Храптовічаў. Гімназію прадстаўлялі дырэктар Васілій Ананька, настаўнік выяўленчага мастацтва, кіраўнік праекта Таццяна Вайтэнка, аўтар макета Дар’я Яўфімец, а таксама вучні 9-11 класаў. Прысутныя выказалі надзею, што макет займе дастойнае месца ў экспазіцыі музея і будзе прыцягваць увагу наведвальнікаў,
http://novgazeta.by/novogrudskiy-istoriko-kraevedcheskiy/

Вясна Сусвету. Творчая сустрэча з мастаком Віктарам Васюкевічам. 12.11.2017 г. (Музей)

12 лістапада 2017 г., у выставачнай зале музея, прайшла творчая сустрэча з мастаком-навагрудчанінам Віктарам Васюкевіча, творы якога экспаніруюцца ў Траццякоўскай галерэі і ёсць у асабістай калекцыі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Аляксеевіч.
На сустрэчы Віктар Васюкевіч расказаў гасцям пра свой жыццёвы і творчы шлях, расказаў пра свае творы, а таксама прачытаў уласныя вершы і афарызмы. Адбылася шчырая і цікавая размова, якая нікога не пакінула абыякавым.
https://ok.ru/navagrudsk/topic/67570738023316

Прэс-тур “Навагрудчына запрашае” для прадстаўнікоў СМІ і турыстычнага бізнэса. 06.12.2017 г. (Навагрудак, Навагрудскі раён)

Прэс-тур быў праведзены мясцовай ініцыятывай “Развіваем турызм на Навагрудчыне разам!” у межах праекта “Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.
У суправаджэнні Ярашук М.В., дырэктара Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, і Федарчук Л.М., галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму, удзельнікі прэс-тура пазнаёміліся з турыстычным патэнцыялам Навагрудскага раёна, 4 новымі веламаршрутамі “Кароль Міндоўг”, “Сэрца Гражыны”, “Зорачка Чарэшлі”, “Летапісная Літва” і пешаходным маршрутам «Свiцязянскi пярсценак».
http://novtour.by/uncategorized/turisticheskij-potentsial-novogrudchiny-izuchali-predstaviteli-turagenstv-i-sredstv-massovoj-informatsii-v-ramkah-press-tura-kotoryj-proshel-6-dekabrya/

456