Сустрэча-рэквіем "Ён адляцеў да зор. У памяць Барыса Кіта"

Сумная нагода прывяла навагрудчан 3 лютага 2018 г. у Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей, дзе адбылася

сустрэча-рэквіем "Ён адляцеў да зор" у памяць Барыса Кіта.

1 лютага 2018 г. на 108 годзе жыцця памёр Барыс Кіт. Сусветнавядомы вучоны, вынаходнік ракетнага паліва і іншага абсталявання, якое зрабіла далёкія зоркі крыху бліжэйшымі да чалавека, выправіўся ў свой апошні шлях, шлях да зорак. Дарэчы будзе ўзгадаць верш Максіма Багдановіча:

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім да зор?”

Цяжка асэнсаваць і зразумець гэту вялікую страту...

Пайшоў з жыцця чалавек-эпоха, выдатны вучоны, педагог, асветнік, сапраўдны беларус. Сваёй дзейнасцю ён адстойваў права беларусаў вучыцца на роднай мове, нягледзячы на супраціўленне польскіх уладаў, нягледзячы на небяспеку падчас нямецкай акупацыі. За гэта нават быў двойчы зняволены і знаходзіўся літаральна ў кроку ад смерці.

Ужо на эміграцыі ў ЗША і Германіі найбольш праявіўся талент Барыса Кіта як вучонага, выдатнага спецыяліста ў розных галінах навукі: матэматыка, фізіка, хіміка, філосафа, канструктара ракетнай тэхнікі, прыйшло сусветнае прызнанне яго дасягненняў.

Аднак да канца жыцця Барыс Кіт заставаўся беларусам, "першым беларусам у свеце", як назваў яго Васіль Быкаў. Ён дапамагаў сваім суайчыннікам, якія таксама апынуліся на эміграцыі, падтрымліваў іх пачынанні ў навуковай, культурнай сферах і проста дапамагаў ім ў разнастайных жыццёвых абставінах.

Пры гэтым Барыс Кіт заставаўся добразычлівым чалавекам, простым у зносінах.

Аб наведванні Барысам Кітом Навагрудка, аб сваім спатканні з ім і аб сваіх уражаннях распавёў Шараў Георгій Іванавіч, былы наглядальнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея. Ён таксама адзначыў, што вялікі вучоны Барыс Кіт не ўзвышаў сябе ў зносінах з простымі людзьмі.

У інтэрнаце ў Франкфурце-на-Майне, дзе апошнім часам жыў Барыс Кіт, дзверы былі адчынены для наведвальнікаў. Барыс Кіт з задавальненнем сустракаўся з пісьменнікамі, дзеячамі культуры, студэнтамі, размаўляў з імі і аб сваім мінулым, сваёй дзейнасці і аб сучаснасці, аб сваёй Радзіме.

Памятаючы аб беларускай зямлі, такім родным Навагрудку, Барыс Кіт перадаў у Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей вельмі шмат рэчаў з уласнага архіва: дыпломы, узнагароды, артыкулы, рукапісы ўспамінаў, лісты, асабістыя рэчы. Частка з іх дэманструецца ў экспазіцыі, у іншых гарадах падчас тэматычных выстаў, у тым ліку і міжнародных.

Але разумеючы значнасць асобы Барыса Кіта і ўнікальнасць прадметаў, якімі валодае музей, неабходна працаваць над пашырэннем экспазіцыі.

391