Літаратурна-музычная сустрэча з прадстаўнікамі Таварыства беларускай мовы Лідчыны

4 лютага 2018 г. у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылася літаратурна-музычная сустрэча, на якую да навагрудчан прыехалі госці з Ліды, сярод якіх - рэдактар газеты "Наша слова" і намеснік старшыні рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік, паэт і кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" Алесь Хітрун і лідскі бард Сяржук Чарняк. Госці расказалі аб літаратурнай і выдавецкай дзейнасці краязнаўцаў Лідчыны, прагучалі вершы ў выкананні аўтараў, паэтаў Станіслава Судніка і Алеся Хітруна. З асаблівай цеплынёй былі ўспрынятыя песні ў выкананні барда Сяржука Чарняка, напісаныя ім на словы беларускіх паэтаў.

Фінальнай часткай сустрэчы сталі песні на словы навагрудскай паэткі Святланы Абдулаевай і паэта са Шчучына Рычарда Бялячыца ў выкананні настаўніцы навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў, барда Наталлі Норык.
У выступленнях прыняў удзел прыхільнік беларускай мовы з Карэліч Аляксандр Абадзінскі. Ён прачытаў свой верш і выканаў песню.

Закончылася сустрэча агульным выкананнем песні "Колькі ў небе зор" на словы А.Шыдлоўскага. Песня "Простыя рэчы" на словы Міхала Анемпадыстава прагучала ў памяць пра выдатнага паэта і чалавека.

Удзельнікі сустрэчы таксама ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Барыса Кіта, знакамітага вучонага ў галіне астранаўтыкі, Ганаровага грамадзяніна Навагрудка.

450