Міжнародная акцыя «Ноч музеяў 2018» «Машына часу ў Лошыцкай сядзібе»

19 мая 2018 г. музей “Лошыцкая сядзіба” – філіял ДУ “Музей гісторыі горада Мінска” у трэці раз прымае ўдзел у міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. У гэты раз мерапрыемства пройдзе пад агульнай канцэпцыяй “Машына часу”, якая дасць магчымасць трапіць у розныя перыяды гісторыі Лошыцкага маёнтка.

Перыяд гісторыі Лошыцы князёў Талачынскіх і Друцкіх-Горскіх прыйшоўся на часы, калі землі Беларусі сталі арэнай еўрапейскіх войнаў. Асаблівае месца ў інтэр’ерах шляхецкіх сядзіб пачала займаць зброя. Стаць сярэднявечным ваяром і папрактыкавацца ў валоданні шабляй Вы зможаце на лужку каля ўваходу ў сядзібны дом.

Лошыца Прушынскіх развівалася ў часы вайны з Напалеонам і строгіх правілаў этыкету, якія прадугледжвалі пэўны тып адзення для разнастайных сітуацый. Пазнаёміцца з вайсковай і свецкай модай пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя наведвальнікі мерапрыемства змогуць у межах выставачнага праекта “Куфэрак. Паэтыка моды” у вялікай экспазіцыйнай залі сядзібнага дому.

Лошыца Любанскіх стала цэнтрам свецкага жыцця ваколіц Мінска. Часта ў сядзібе праводзілі музычныя салоны, надзвычай папулярныя сярод мінскага дваранства. Музыка ў Лошыцы гучыць па-асабліваму ўрачыста і святочна, дзякуючы выкладчыкам і навучэнцам Мінскага дзяржаўнага каледжа імя М. І. Глінкі і праграме “Майскія музычныя вечары ў Лошыцкай сядзібе”.

Лошыца савецкая была адным з інтэлектуальных цэнтраў Беларусі, бо ў былым шляхецкім маёнтку працавалі навукоўцы-селекцыянеры. Пазнаёміцца з савецкім плакатным мастацтвам, прысвечаным селекцыянерскай справе, Вы зможаце ў прысядзібным флігелі.

Лошыца падчас рэстаўрацыі вярнула сваю былую веліч. Рэстаўратарамі была праведзена праца па аднаўленню дэкора залаў сядзібнага дома і печаў, якія з’яўляюцца своеасаблівым сімвалам маёнтка. Адчуць сябе рэстаўратарам Вы зможаце ў экспазіцыйнай залі “Археалогія” на другім паверсе сядзібнага дому.

Лошыца сучасная… Яна не можа быць акрэслена падзеямі і часамі, гаспадарамі і гасцямі. Лошыца сучасная – гэта не толькі інтэр’еры і мерапрыемствы, Лошыца сучаснага – гэта атмасфера. Атмасфера якую ствараеце Вы.

У дадатак да тэматычных мерапрыемстваў Вас чакае шмат іншых забаў: гульні XVIII-ХІХ ст. і танцавальная праграма на лужку каля сядзібнага дому, а таксама невялікі сюрпрыз для закаханых, аб якім Вы зможаце даведацца ўжо ў саму музеную “Ноч”.

АДРАС: Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, праезд Чыжэўскіх, д. 8-2, 10.
ЧАС: 19 мая 2018 г., 18.30 – 23.30.
КОШТ КВІТКА: 6 рублёў.
КАНТАКТНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ: + 375 17 285 18 86, + 375 17 337 24 30.
minskmuseum.by

ПРАГРАМА МЕРАПРЫЕМСТВА

743