Вялікая Айчынная. Незабыўнае.

На другі дзень Вялікай Айчыннай вайны калгасы, саўгасы, прадпрыемствы Чашніцкага раёна пачалі спешна эвакуіраваць на ўсход трактары, аўтамабілі, грамадскую жывёлу, каштоўнае абсталяванне. Цэлымі сем'ямі жыхары раёна выязджалі ў бок Бешанковічаў. Тыя, хто заставаўся, пачалі будаваць каля сваіх дамоў укрыцці – «акопы». Неўзабаве на дарогах з'явіліся бежанцы, потым часці Чырвонай Арміі, якія адступалі. Фронт імкліва набліжаўся.

Каля вёсак Тоўпіна, Вялікія і Малыя Ліпавічы, Цотава, Горы праходзілі цяжкія баі часцей 17-й мотадывізіі (камандзір палкоўнік Карчагін) з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 8 ліпеня 1941 г. перадавы атрад дывізіі пад камандаваннем маёра Міхайлоўскага выбіў праціўніка. Былі захоплены 24 гарматы, 3 танкі і інш.

Адначасова 17-ы мотастралковы полк у складзе 1-га і 2-га стралковых батальёнаў, дывізіёна 17-га гаўбічнага палка, некалькіх гармат супрацьтанкавай артылерыі, 6 танкаў зрабілі налёт на нямецкія мотамехчасці каля в.Тоўпіна. У выніку бою знішчана 50 аўтамашын праціўніка, шмат гітлераўцаў. І толькі пасля моцнага артылерыйскага агню нямецка-фашысцкіх войск, падраздзяленні нашых войск адступілі.

Горад Чашнікі быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 5 ліпеня 1941 г., увесь Чашніцкі раён – 20 ліпеня.

Акупацыйны рэжым

З архіўных дакументаў.

З 5 ліпеня 1941г. да 27 чэрвеня 1944 г.Чашніцкі раён знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Акупацыйны рэжым уяўляў сабой сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю сацыялістычнага грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Устаноўлены так званы “новы парадак” уяўляў сабой жорсткі каланіяльны рэжым беззаконня, гвалту, грабяжу і крывавага тэрору. Былі ліквідаваны савецкія органы ўлады, насельніцтва пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў і чалавечых свабод. Любое супраціўленне акупацыйным уладам, невыкананне іх загадаў каралася смерцю без суда і следства. Акупацыйным уладам ставілася задача навесці жах на насельніцтва любымі сродкамі. Для эканамічнага рабавання і эксплуатацыі прыродных багаццяў быў створаны спецыяльны апарат. Рабавалася не толькі грамадская ўласнасць, але і асабістая маёмасць грамадзян.

У Чашніках і буйных населеных пунктах існавалі нямецкія камендатуры. Былі прызначаны бургамістры, створаны паліцэйскія атрады, у вёсках прызначаны старасты.

Галоўнай функцыяй грамадзянскай улады было ўсталяванне нямецкага парадку на падначаленай тэрыторыі. У гэтых мэтах вуліцы Чашнікаў былі падзелены на дзесяцідворкі, за якія адказвалі прызначаныя старасты. Праз іх перадаваліся патрабаванні бургамістра і нямецкай камендатуры, загады па выхаду на работу, праводзіўся збор падаткаў.

Земуправа зрабіла абмер зямлі, што прылягала да Чашнікаў, і падзяліла яе паміж жыхарамі. Кожны гаспадар павінен быў плаціць нямецкай уладзе падаткі натуральнымі прадуктамі – салам, мясам, яйкамі, зернем і інш.

Быў арганізаваны паліцэйскі атрад, у склад якога ўваходзіла каля 30 чалавек. Пад наглядам паліцэйскіх людзі выконвалі розную работу: капалі канавы, спілоўвалі дрэвы, якія траплялі ў сектар агляду наваколля, расчышчалі дарогі ад снегу, узводзілі абарончыя збудаванні.

Парушэнні парадку строга караліся. Ганебныя, зневажальныя адносіны да людзей з боку новых улад асабліва праяўляліся да жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Гэта група людзей была вылучана асобна: да іх дамоў былі прымацаваны шасцікутныя зоркі, на іх вопратку прышыты жоўтыя кругі.
Без суда і следства немцы расстрэльвалі актыўных камуністаў, тых, хто пры савецкай уладзе займаў кіруючыя пасады.

Тэрор, подкуп, правакацыі, падман, расстрэл – усё прымянялася для запалохвання мірных людзей і прыгнёту. Гітлераўскія карныя атрады часта праводзілі ў вёсках аблавы. Падазроных адпраўлялі ў турму.

Са звестак Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь за гады вайны ў раёне было спалена 2 440 двароў, знішчэнню падверглася 187 населеных пунктаў.

Найбольш жорсткай расправе падвергліся мірныя жыхары в.Вішанькі. Раніцай 9 сакавіка 1944 г. акупанты сагналі ў дзве хаты 116 жыхароў вёскі і падпалілі іх. Перад гэтым непадалёк ад вёскі ў баі з партызанамі загінула 20 немцаў, былі ўзяты 2 “языкі”. За гэта немцы жорстка пакаралі мірных жыхароў.
Вішанькі называюць роднай сястрой Хатыні.

За сувязь жыхароў в.Асташова з партызанамі 22 красавіка 1944 г. немцы спалілі 45 хат, у агні загінулі 22 чалавекі, в.Ярынова Красналуцкага сельсавета спалена ў красавіку 1944 г. Цудам засталіся жывымі яе жыхары. Фашысты знішчылі 26 двароў у в.Федзькі, 80 двароў з 82 у в.Стаўбцы, 55 двароў з 58 у в.Пасынкі.

У верасні 1942 г. немцы расстралялі 24 жыхароў в.Ухлё за дапамогу падпольнай группе «Цэнтр». У маі 1944 г. немцы спалілі 12 дамы з 19 у в.Карнілаўка. Цалкам ў гэты час спалілі в.Мялешкавічы (усе 22 дамы).

Вясной 1944 г. нямецкія акупанты здзейснілі сваю апошнюю жудасную акцыю – пагналі ў фашысцкае рабства 1640 жыхароў.

Трохгадовая фашысцкая акупацыя прынесла жыхарам раёна незлічоныя беды, страты і няшчасці.

Генацыд.

Генеральным планам нямецкага камандавання “Ост” прадугледжвалася, што ад агульнай колькасці беларусаў павінна застацца не болей 25%. Некаторыя народы, напрыклад яўрэі, падлягалі поўнаму вынішчэнню. Сваю мэту немцы пачалі здзяйсняць з першага года акупацыі. Страшныя карціны паўстаюць з успамінаў сведкаў трагедый масавых расстрэлаў яўрэяў у 1941 і 1942 гг.

У канцы 1941 г. у раёне была праведзена першая карная аперацыя – расстраляны яўрэі в.Лукомль (каля 180 чалавек). Асабліва жудаснымі былі люты і сакавік 1942 г. 12 лютага карнікі знішчылі каля 1439 яўрэяў у Чашніках, а 5 сакавіка – 560 яўрэяў в.Чарэя. 306 яўрэяў расстраляна ў Красналуках.

Не толькі чашніцкіх яўрэяў расстралялі фашысты каля Слабадскога поля за р.Улаю. Побач была выкапана яшчэ адна вялікая яма, куды скідвалі замардаваных беларусаў, рускіх, палякаў з Чашнікаў і навакольных вёсак. Летам 1942 г. расстралялі групу цыган. Людзі розных нацыянальнасцей ляжаць там, на высокім узвышшы.

Успаміны жыхароў спаленых вёсак.

Улляна Верамееўна Бародзіч,былая жыхарка в. Вішанькі
Заўважыўшы карнікаў, мая маці сэрцам адчула бяду і загадала мне бегчы ў лес. Калі я вярнулася, Вішанькі, дагаралі. Але родную хату, крайнюю ў вёсцы, агонь не зачапіў. Усё тут засталося па-ранейшаму, нават чыгунок з бульбай не паспеў астыць. Толькі не было і ніколі ўжо не будзе мамы, якая падрыхтавала гэты горкі абед і якой я двойчы абавязана жыццём...

Вера Міхайлаўна Булынёнак, жыхарка в. Вішанькі
Тады цудам я ўратавалася ад смерці. У скульптуры спалоханай дзяўчынкі, устаноўленай на месцы трагедыі я ўбачыла сябе. Той жудасны дзень запомніўся мне ва ўсіх падрабязнасцях. Калі пачалі страляць, я выбегла з дома і кінулася да сваёй цёткі. Седзячы ў яе доме, бачыла, як фашысты гналі па дарозе малых дзетак, жанчын, старых. Я моцна прыціснула да сябе стрыечных браціка і сястрычку. Да нас уварваліся немцы і загадалі выходзіць на сход. Мы вырашылі нікуды не ісці. Калі там, на ўзгорку, дзе стаялі два дамы: Шумановічаў і Петуховых (у іх і спалілі людзей), немцы скончылі сваю чорную справу, яны яшчэ раз прайшліся па вёсцы. Завіталі і да нас. Адзін з іх прама з парога пачаў з аўтамата страляць у нас, а потым у цётку, якая стаяла каля сцяны і, ламаючы рукі, дзіка крычала: "Паночкі, што ж вы робіце, не чапайце, паночкі". Потым накіравалася да немца, а ён наставіў на яе аўтамат. Мяне ранілі ў нагу, я засталася жывая толькі таму, што засланілі сваімі цельцамі брацік і сястрычка, якіх я трымала на руках. Потым немцы кінулі мне на ногі салому і падпалілі яе, а самі выйшлі на двор і сталі глядзець, каб ніхто з нас не выбег з хаты. Калі яны адышлі ад дома крыху далей, я ўстала і, перамагаючы боль, выскачыла з палаючай хаты...

З успамінаў былога вязня канцлагера Ніны Ісакаўны Радашкевіч з в.Чарэя

Нас, моладзь Чарэі, немцы забралі ў маі 1944 года. Прыгнаўшы ў Багушэўск, пагрузілі ў цялятнікі і павезлі ў Германію.

Вялікую знявагу перажылі мы ў Берліне, калі нас, абстрыжаных, гналі па вуліцах горада, а нямецкія дзеці беглі побач і крычалі.

Спачатку палонныя працавалі 10дзён на палетках бауэра у Дахау, а потым іх пагрузілі ў вагоны і павезлі далей, у Альпійскія горы.

У горадзе Транштэйн нас пачалі прадаваць. У бауэра, да якога я трапіла, трэба было даіць 15 кароў і касіць. Кароў я даіла, а вось касіць не ўмела. За гэта гаспадар так мяне адлупцаваў, што я страціла прытомнасць. Калі ўся акрываўленая ачуняла, дома нікога не было. Праз вакно ўбачыла, што гаспадар і яшчэ двое рабочых косяць. Я вырашыла ўцячы. Пяць сутак я праблукала ў лесе, хаваючыся ад людзей. У хуткім часе мяне затрымалі, пачалі допыт, а потым пад нумарам 72892 адправілі ў канцлагер.

Давялося мне зведаць гора ў трох канцлагерах – Равенсбрук, Дортмунд, Бергін-Бельзін. Там, у Бергін-Бельзіне, нас вызвалілі амерыканцы.

Цяжка ўспамінаць той час. Раніцай у любое надвор’е нас выганялі на апель (плац каля баракаў) і трымалі па дзве – тры гадзіны. Вельмі невыносна было зімой, асабліва калі хто ўцякаў. Тады на холадзе, паўапранутых, трымалі асабліва доўга на апелі. Адлічвалі па некалькі чалавек (50 ці 100 – не ведаю), апошняму ў гэтым ліку загадвалі выходзіць наперад. Так набіралі смяротнікаў, якіх на нашых вачах расстрэльвалі. Памятаю, як аднойчы такі смяротнік стаяў побач са мной. А магла ж быць і я.

Лагер Бергін-Бельзін быў лагерам смяротнікаў. Агароджаны высокай мураванай сцяной і калючым дротам, па якім праходзіў электрычны ток, ён не даваў ніякай надзеі на ратунак.

Памятаю жудасны час у маім лагерным жыцці, калі нас павялі ў крэматорый. Мы разумелі, што гэта апошні шлях у жыцці. Але, мабыць, Богу трэба было, каб я засталася жывой. Нам загадалі зняць адзенне, прагналі праз пакой, дзе загадалі памачыць ногі нейкай непрыемнай вадкасцю. Пакой быў бітком набіты голымі людзьмі. Я ледзь трымалася на нагах, калі раптам адчыніліся дзверы і камендант спытаўся, ці ёсць тут рускія. Мы закрычалі, што тут ўсе рускія. Тады ўсім загадалі выйсці з пакоя.

Пасля таго, як мы памыліся і апрануліся, нас павялі ў барак. Упершыню ён здаўся такім прывабным і жаданым. Як потым даведаліся, крэматорый тэрмінова спатрэбіўся для таго, каб спаліць мадзьярскіх (венгерскіх) яўрэяў, якіх нечакана даставілі ў канцлагер. Цаною іх жыццяў мы выпадкова засталіся жывымі.

У гэтым жа лагеры ў нас, знясіленых, замучаных вязняў, бралі кроў. Многія ад гэтага паміралі.

Набліжаўся фронт. Здалёк чулася кананада, пачасціліся налёты на наш лагер. Аднойчы бомба трапіла ў крэматорый і разбіла яго. Тады мёртвых вязняў пачалі складаць як бярвенні ў штабель. Красавік быў цёплым і ад мерцвякоў ішоў страшэнны смурод. Нельга без жудасці ўспамінаць пра гэта.
Настала 26 красавіка 1945 года. У гэты дзень, я памятаю, было свята –Вялікдзень. Раніцай нас чамусьці не выгналі на апель. Мы ўбачылі на бараках белыя палотнішчы з чырвонымі крыжамі. А ў 11 гадзін раніцы з’явіліся амерыканцы на танках. Усе мы – знясіленыя выйшлі насустрач і крычалі “ўра”, плакалі, абдымалі адзін аднаго.

Але нам загадалі ісці ў свае баракі. Сказалі, што хутка прыедзе амерыканская кухня і нас накорміць, а таксама папярэдзілі, што з лагернай кухні нельга нічога браць, бо прыгатаваная там ежа атручана.

Вялікім святам для ўсіх стаў абед. На двух чалавек выдалі па буханцы хлеба і наварыстага супу. Толькі не кожны страўнік, што прывык да лагернай баланды, змог вытрымаць. Некаторыя вязні памерлі.

Я ўсё перанесла і, слава Богу, жывая вярнулася дамоў. Калі б мне ў той час сказалі, што я вярнусь дамоў, буду мець сваю сям’ю, выхаваю чацвёра дзяцей, дачакаюся шасцярых унукаў, я б не паверыла.

Падпольныя групы.

У дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь паведамляецца аб тым, што у жніўні 1941 г. ў Чашніцкім раёне пачала дзейнічаць падпольная група «Цэнтр», у якую ўваходзілі С.Е.Папкоў (кіраўнік), У.Т.Гаваркоўскі, Д.А.Кіркіж, М.П.Корбан, Р.Е.Корбан, Д.М.Лазарэвіч, П.Д.Лазарэвіч, М.С.Марціновіч і інш – усяго 12 чалавек. Падпольшчыкі займаліся разгортваннем партызанскага руху на тэрыторыі раёна. Яны вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. У жніўні 1941 г. былі створаны баявыя групы В.А.Захарчанкі і А.Л.Сухушына. Першая з іх вырасла ў партызанскі атрад Захарчанкі, які ўваходзіў у Сенненскую брыгаду, другая ўлілася ў атрад «Сібірак» (пазней у складзе брыгады «За Савецкую Беларусь»).

У сакавіку-красавіку 1942 г. гітлераўцы высачылі і амаль цалкам знішчылі кіраўнічае ядро групы «Цэнтр».

У барацьбе з акупантамі загінулі: Я.І.Калістаў, Д.А.Кіркіж, М.П. і Р.Е.Корбаны, П.Д.Лазарэвіч, Ф.У.Смаляк, І.І.Удалы, С.А.Марціновіч, С.Е.Папкоў, В.П.Шлык, Н.Р.Эсманд.

Яшчэ адна падпольная група дзейнічала на торфапрадпрыемстве «1Мая», яе ўзначальваў Дз.Ц.Міцькавец, Група была звязана з брыгадай імя Заслонава. У групу першапачаткова ўваходзілі І.Мацькавец, А.Каваленка і М.Міцькавец. У канцы 1941 г. яны разабралі вузкакалейную чыгунку ад торфапрадпрыемства да Чашніцкай папяровая фабрыкі. У ліпені 1942 г.ўзарвалі 2 агрэгаты для вытворчасці торфабрыкетаў. Праз сувязнога В.М.Чарнова перадавалі ў брыгаду імя Заслонава звесткі пра варожыя гарнізоны ў Чашніках, в.Альшанцы, на папяровай фабрыцы «Чырвоная Зорка». Асабліва небяспечнай была работа сярод паліцэйскіх, якая праводзілася з мэтай перацягнуць іх на бок партызан. У ліпені 1942 г. 32 паліцэйскія перайшлі ў 1-ю партызанскую брыгаду імя Заслонава.

Група праводзіла разведвальную і дыверсійную работу, у 1944 г. непасрэдна ўдзельнічала ў ліквідацыі акружаных нямецкіх часцей. Актыўны ўдзел у рабоце групы прымалі Дз.Ц.Міцькавец (кіраўнік), А.Ц.Караткевіч, Я.Ф.Сафонаў, К.Р.Сянько, А.Ф.Сянько, А.Ф.Барадаўка, П.Ц.Міцькавец, З.Р.Міцькавец, Л.П.Лапатнёва, і інш. Большасць членаў падпольнай групы загінулі ў барацьбе з ворагам.

Актыўна дзейнічала падпольная група, якую ўзначальвала М.Р.Грышына. Падпольшчык Аляксандр Церашкоў напярэдадні 1 мая 1942 г. вывесіў у цэнтры Чашнікаў на слупе, недалёка ад дома бургамістра, чырвоны сцяг. Фашысцкі паслугач спрабаваў зняць сцяг, але раздаўся выбух. Бургамістр загінуў.

Каб пастаянна быць у курсе спраў, ведаць намер фашыстаў, патрыёты ўладкоўваліся на работу да немцаў. К.А.Вінядоўская працавала машыністкай у чашніцкай камендатуры, мела доступ да сакрэтных дакументаў, перадавала іх змест партызанам.

Вялікую дапамогу аказваў партызанам С.Я.Казлоў, які служыў у паліцыі. Для атрада В.С.Лявонава ён здабываў зброю, паведамляў аб намерах акупантаў, выведваў паролі. У канцы 1943 г. гітлераўцы напалі на след падпольнай групы. 9 лютага 1944 г. пасля жорсткіх здзекаў і катаванняў фашысты расстралялі на беразе р.Ула 23 чалавекі. У іх ліку былі М.Р.Грышына, В.К.Ваўчанкова, К.А.Вінядоўская, К.Шостак, піянерка Т.Унуковіч.

У Чашніках дзейнічалі 3 падпольныя камсамольскія арганізацыі (сакратары А.Варгаліёнак, К.Казлова, С.Шумовіч).

Вялікую дапамогу аказвалі партызанам камсамольцы-падпольшчыкі А.Церашкоў, Л.Закрэўская, В.Хадатовіч, В.Сяўцова, В.Шнітко, Г.Чэпік, Г.Баркевіч і інш. Яны трымалі сувязь з партызанскай разведчыцай Н.І.Грыбоўскай, медыцынскімі работнікамі атрада М.С.Завадскай, В.М.Мурасінай, М.П.Салаўёвай і інш.

Партызанскі рух.

У гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць Чашніцкі раён» расказваецца аб дзейнасці партызан на тэрыторыі раёна.

У жніўні 1941 г. створаны партызанскі атрад на чале з Ц.Я.Ермаковічам. У верасні 1941 г. ў лясах каля Чарэі арганізаваны партызанскі атрад з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне (камандзір В.Шчукін). Восенню 1941 г.пры садзейнічанні падпольнай групы «Цэнтр» арганізаваны невялікія партызанскія атрады, якія пазней уліліся ў Чашніцкую партызанскую брыгаду «Дубава», Сенненскую партызанскую брыгаду. У верасні 1941 г. ў Кашчынскія лясы з Вялікай зямлі прыбыў атрад пад камандаваннем Р.М.Лінькова. Ён дзейнічаў у Кашчынскіх і Красналуцкіх лясах. Дапамогу яму аказвалі жыхары вёсак Забор'е, Пасынкі, Гілі, Сарочына, Маскоўская Гара, Сіманавічы, Гурэц і інш. Вясной 1942 г. ў атрад улілося шмат новых байцоў. За гады вайны на тэрыторыі раёна дыслацыраваліся Чашніцкая брыгада «Дубава», 1-я Смаленская, 1-я Беларуская і 2-я Беларуская імя П.К.Панамарэнкі (2-га складу), 1-я і 2-я імя К.С. Заслонава, Багушэўская (2-га складу), 1-я Віцебская (2-га складу), «Граза» М.П.Гудкова, імя А.Ф.Данукалава, Лёзненская, Сенненская партызанскія брыгады, партызанскі полк Смаленскі і асобны партызанскі атрад Ц.Я.Ермаковіча. У маі 1942 г. атрад перамясціўся на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

Партызаны паралізавалі дзейнасць чыгункі Орша-Вятны-Чашнікі-Лепель, узрывалі масты і станцыйныя будынкі, знішчалі палатно чыгункі. Праводзілі дыверсіі на дарогах Чашнікі-Копцевічы-Іванск-Дзямідавічы-Бачэйкава, Чашнікі-Пачаевічы-Лукомль, грамілі варожыя гарнізоны ў вёсках і Чашніках, зрывалі нарыхтоўкі прадуктаў харчавання, утваралі партызанскія зоны, ратавалі людзей ад гібелі, угону ў Германію, вялі патрыятычную работу сярод насельніцтва.

Чашніцкая брыгада «Дубава» (камандзір Ф.Ф.Дуброўскі, намеснік камандзіра С.В.Маркевіч) утворана 28 жніўня 1942 г. на базе вылучаных з брыгады «Смерць фашызму» 9-га і асобнага 68-га атрадаў. Пазней у Чашніцкай брыгадзе «Дубава» ўтвораны новыя атрады 2-гі (былы 2-гі атрад перайменаваны ў 3-ці), 4-ы, 5-ы, 8-ы, 9-ы, 11-ы, 13-ы, 14-ы. Кавалерыйскі эскадрон атрымаў назву 16-ы атрад, артдывізіён – 15-ы атрад. У такім складзе партызаны брыгады «Дубава»кантралявалі тэрыторыю Чашніцкага раёна да вызвалення яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Месцам яго дыслакацыі напачатку была Саснягоўская пушча каля в.Васькаўшчына, потым в.Маскоўская Гара.

У 1943 г. Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава» ўжо мела вопыт барацьбы з ворагам, мела шырокую сетку падпольных арганізацый, была добра ўзброена. У гэты час пачалася сапраўдная вайна ў тыле ворага. Партызанскія брыгады грамілі варожыя гарнізоны ў Чашніках, вёсках Чарэя, Лукомль, Цяпіна, Варкі, Залессе і інш. Пачалі праводзіцца сумесныя ўзгодненыя дзеянні партызанскіх брыгад супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

План разгрому гарнізона ў г.Чашнікі, які налічваў каля 300 гітлераўцаў, быў распрацаваны камандаваннем Чашніцкай партызанскай брыгады. У яго ажыццяўленні ўдзельнічалі 1-й, 2-ы і 3-і атрады брыгады (320 байцоў.).

19 студзеня партызаны блакіравалі Чашнікі. У выніку трохдзённых баёў партызаны забілі і паранілі больш за 100 гітлераўцаў, захапілі трафеі, знішчылі льнозавод і пякарню.

Бой 19-21 кастрычніка 1943 г. з'яўляўся састаўной часткай Лепельскай аперацыі 1943 г., у мэтах садзеяння наступленню Чырвонай Арміі. Смаленскаму партызанскаму палку па плану аперацыі ставілася задача авалодаць Чашніцкім гарнізонам (каля 700 гітлераўцаў, 4 лініі ўмацаванняў). У ноч на 20 кастрычніка Смаленскі партызанскі полк (2-і, 3-і і 4-ы батальёны) атакаваў праціўніка і выбіў яго з займаемых пазіцый. Ашаломленыя націскам партызан, гітлераўцы схаваліся ў цагляных будынках касцёла, бальніцы, школы, і на працягу дня арганізавалі 4 контратакі, якія былі адбіты партызанамі. У ноч на 21 кастрычніка партызаны зноў атакавалі праціўніка. Бой працягваўся ўвесь наступны дзень. Да гітлераўцаў з г.Сянно падышло падмацаванне. У партызан скончыліся боепрыпасы, і яны пад прыкрыццем дымавой заслоны адышлі, страціўшы ў гэтым баі 7 чалавек забітымі.

Чашніцкі раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі 1944 г.Чашнікі вызвалены 27 чэрвеня 1944 г. воінамі 357-й стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр А.Г.Кудраўцаў) 1-га стралковага корпуса 43-й арміі пры ўзаемадзеянні з 9-й гвардзейскай механізаванай брыгадай 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, Чашніцкай партызанскай брыгадай «Дубава» і 2-й партызанскай брыгадай імя Заслонава.

Сярод ураджэнцаў раёна Героі Савецкага Саюза Л.У.Буткевіч (31.12.1918, в.Хотліна, званне прысвоена 25.10.1943); І.М. Краснік (30.7.1906, в. Іванск, званне прысвоена 31.5.1945); Я.Г.Навіцкі (н.15.8.1912, в.Копцевічы, званне прысвоена 6.3.1945); С.Ф.Пшонны (н. 5.9.1922, в.Кушняроўка, званне прысвоена 24.3.1945); М.А.Сурын (17.5.1908, в.Руднае, званне прысвоена 24.7.1945), поўны кавалер ордэна Славы П.Р.Барадаўка (23.1.1908, в.Асташова), Дзямідаў В.А. (12.4.1921 у в.Чарэя,камандзір звяна асобнага разведвальнаго авіяпалка. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1945 г.).

У в.Чарэя 7 сакавіка 1918 г. нарадзіўся вядомы военачальнік Я.П.Іваноўскі. Герой Савецкага Саюза (1985). У Вялікую Айчынную вайну ўдельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам, Курскам, у вызваленні Украіны, Польшчы. З 1968 г. камандуючы войскамі Маскоўскай ваеннай акругі. У 1972-1980 гг. – галоўнакамандуючы групай савецкіх войск у ГДР. З 1980 г. камандуючы войскамі БВА, з 1985 г. – нам. міністра абароны СССР, з 1989г. ваенны інспектар-саветнік.

У кнізе «Памяць.Чашніцкі раён» названы прозвішчы 335 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941-44 гг. і пахаваны на тэрыторыі раёна; 3360 прозвішчаў воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах вайны; 1046 прозвішчаў партызан, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сямей і мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага тэрору.

Партызанскі генерал.

З успамінаў С.В.Маркевіча

Ураджэнец в.Замошша Ушацкага раёна Фёдар Дуброўскі зведаў нялёгкую сялянскую долю. Яго маці, Агаф’я Навумаўна, - беззямельная сялянка – батрачыла ў памешчыкаў і кулакоў, а Федзя з 12 гадоў дапамагаў. У снежні 1918 г., юнак добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, нёс службу пры ваенным камісарыяце ў Лепелі, а потым з баямі прайшоў ад Лепеля да Варшавы. Гэта была пара яго духоўнага станаўлення і сур’ёзнай загартоўкі.

Праз некаторы час пасля заканчэння Вяземскай палкавой школы Фёдар дэмабілізаваўся. Атрымаўшы ў в. Старое Сяло зямельны ўчастак, ён займаўся сельскай гаспадаркай. А калі пачалася калектывізацыя, Фёдар Фаміч арганізаваў калгас “Чырвонае Сяло”. Сяляне выбралі яго старшынёй.

У 1931 г. Дуброўскі ўступіў у партыю. Паколькі за яго плячыма былі толькі 2 класы царкоўна-прыходскай школы, Ушацкі райком партыі накіраваў яго ў Вышэйшую цэнтральную калгасную школу, дзе ён атрымаў спецыяльнасць заатэхніка. Працаваў спачатку ў райземаддзеле, потым старшынёй трох сельсаветаў. І, нарэшце, - дырэктарам Ушацкай МТС. Палітруком палка ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а ў час савецка-фінскай вайны 1939 – 1940 гг. быў паранены і кантужаны. Перад вайной з Германіяй працаваў намеснікам старшыні Ушацкага райвыканкама.

Вось такі жыццёвы шлях прайшоў Фёдар Фаміч Дуброўскі перад тым, як стаць народным важаком у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, камандзірам вядомай брыгады “Дубава”.

…У пачатку жніўня 1941 г. па заданню Віцебскага абкома партыі Ф.Ф.Дуброўскі з групай таварышаў вярнуўся ва Ушацкі раён з Ржэва, куды ён эвакуіраваў установы і прадпрыемствы з Ушач. Вось з гэтага часу мы з ім і знаёмы. Калі ж разгарнулі барацьбу з ворагам, я быў намеснікам Фёдара Фаміча: спачатку намеснікам камандзіра атрада, потым – намеснікам камандзіра брыгады па разведцы.

Група Дуброўскага пачынала не з нуля. Для падпольнай работы райком партыі пакінуў у раёне шэраг партыйных, савецкіх і гаспадарчых работнікаў на чале з сакратаром райкома С.Я. Барадаўкіным: інструктараў раённага камітэта С.Б.Баркара, С.К.Паршонка, старшынь сельсаветаў У.М.Коршуна, І.А.Сарокіна, дырэктара малаказавода М.Ф. Мошчава, старшынь калгасаў А.І.Хвашча, А.Р.Волаха, настаўнікаў У.Я. Васілеўскага, А.А.Карабаня, П.П.Катленку… Яны арганізавалі патрыятычныя групы, збіралі зброю, звесткі і інш.

Пасля ўстанаўлення сувязей з названымі таварышамі ў Сарочынскім лесе, што кіламетраў за дзесяць ад Ушач, Дуброўскі правёў нараду падпольшчыкаў раёна. На ёй былі вызначаны задачы агульных дзеянняў, іх каардынацыя, абгавораны канспіратыўнасць і ўзаемасувязь.

На працягу ліпеня 1942 г. у партызанскія атрады нашай зоны прыйшлі сотні людзей. Паўстала задача:аб’яднаць іх сілы. Таму паводле рашэння абкома партыі ўстаноўлена сувязь з камандзірам суседняга партызанскага атраду У.Е.Лабанком (ажыццявіць гэтую задачу было даручана мне). У жніўні на базе гэтых двух атрадаў створана партызанская брыгада “Дубава”.

Дарэчы, аб назве брыгады. Маці, жонка, трое дзяцей Фёдара Фаміча жылі ў в.Старое Сяло. І каб фашысты не змаглі даведацца, што гэта сям’я партызанскага камандзіра, вырашылі прозвішча Дуброўскі змяніць на Дубава. Некаторы час фашысцкая разведка лічыла, што ёсць дзве брыгады – Дуброўскага і Дубава. Гэта хоць і невялічкая хітрасць, але пайшла яна нам на карысць: у страха, як кажуць, вочы вялікія.

Камбрыг быў чалавекам творчым, умеў выслухаць усіх, і хоць канчатковае слова было за ім, прымаў яго не спяшаючыся. Прыродны розум, гаспадарскі падыход, жыццёвы вопыт дазвалялі яму прымаць найбольш правільныя рашэнні. У той час ён турбаваўся аб тым, як забяспечыць умовы жыцця і баявую дзейнасць зімою партызанам брыгады, колькасны склад якой восенню 1942 г. дасягаў амаль 1700 чалавек. Хаця лепш былога намесніка старшыні райвыканкома Ф.Ф.Дуброўскага ніхто не ведаў раён, тым не менш камбрыг даручыў разведцы і гаспадарчаму ўзводу вынесці прапанову аб месцы размяшчэння партызанскай базы. Такое месца было знойдзена: у двух кіламетрах ад в.Антунова.

У гэты час у брыгадзе стварылі артдывізіён і кавалерыйскі эскадрон. Расшырыўся аператыўны прастор брыгады, дзеянні якой былі накіраваны на чыгунку Полацк-Маладзечна, а таксама ў бок Лепеля, Чашнікаў, Красналук. Пачалі знішчаць чыгуначныя эшалоны з супрацьтанкавай гарматы.

Адчуваючы сілу нашых удараў, немцы часцей сталі праводзіць карныя экспедыцыі, прытым буйнамаштабныя. Прыкладам можа служыць аперацыя “Котбус” вясной 1943 г.

Улічваючы колькасць, высокую арганізацыю і баявую загартоўку брыгады “Дубава”, рашэннем Віцебскага абкома партыі і Беларускага штаба партызанскага руху ў ліпені 1943 г. яна была раздзелена на дзве: Лепельскую імя І.В.Сталіна (камбрыг У.Е.Лабанок) і Чашніцкую “Дубава” (камбрыг Ф.Ф.Дуброўскі) з перадыслацыраваннем яе ў Чашніцкі раён. Крыху пазней Фёдар Фаміч зацвярджаецца сакратаром Чашніцкага падпольнага райкома партыі. У яго баявым жыцці пачынаецца новы этап: арганізацыя партыйна-палітычнай работы, удасканаленне тактычных прыёмаў партызанскай вайны ў бязлесным раёне. Нават новы аэрадром трэба было абсталяваць – у бяспечным месцы, вядома.

Штаб брыгады і райком партыі размясціліся ў в.Маскоўская Гара. Паблізу былі знішчаны варожыя гарнізоны. З’явіліся новыя суседзі-партызаны: брыгады Заслонава, Лявонава, Раманава, Прахарэнкі. Нам трэба было “асядлаць” чыгунку Лепель-Чашнікі-Орша. Камбрыг прыняў рашэнне знішчыць яе зусім. Дапамагалі партызанам больш 2500 мясцовых жыхароў. Гэта было ні з чым не параўнальнае працоўнае змаганне, якое мела вялікае выхаваўчае значэнне: партызаны і насельніцтва сумесна перакрылі шлях, чыгунку не аднаўлялі.

У пачатку восені 1943 г. перад партызанскімі брыгадамі нашай зоны пастаўлена новая задача: адначасова разграміць рад буйных гарнізонаў. 18 брыгад былі аб’яднаны пад кіраўніцтвам Ф.Ф.Дуброўскага. Наступленне прызначылі на ноч 20 кастрычніка.

Аб маштабах восеньскай партызанскай вайны можна меркаваць па Лепелю. Тут размяшчаліся тры ўзмоцненыя палкі фашыстаў, танкавы батальён, дзве артылерыйскія і адна мінамётная батарэі, колькасць гарнізона перавышала 2000 чалавек. Акрамя таго, на подступах горад ахоўваўся больш дробнымі гарнізонамі, шмат было дотаў, дзотаў, акопаў, драцяных загародж. (Тое ж, толькі ў некалькі меншых маштабах, наглядалася ў Чашніках, Камені, Бароўцы, Бачэйкаве.) Для штурму Лепеля і прылеглых гарнізонаў выдзялялася 5 брыгад: “Дубава”, Лабанка, Уткіна, Мельнікава, Лявонава, якія мелі 6300 байцоў, 12 гармат, 48 мінамётаў, 26 станковых і 303 ручныя кулямёты, 18 супрацьтанкавых ружжаў і іншую зброю.

Вясной 1944 г. лінія фронту праходзіла ў 15-60 кіламетрах на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Бабруйска… Знаходзячыся ў аператыўным тыле праціўніка на ўчастку Полацк-Віцебск-Орша, мы павінны былі выканаць тры задачы, пастаўленыя камандаваннем фронту, Цэнтральным штабам партызанскага руху: дэзарганізаваць аператыўны тыл ворага, зрываць падвоз яго рэзерваў і забяспечваць разведданымі аб перадыслакацыі гітлераўскіх войск.

Разведка нашай брыгады здабыла таксама загад фашыстаў аб фізічным знішчэнні партызан усёй Полацка-Лепельскай зоны. Ён стаў вядомы нам у канцы сакавіка, аб чым было дакладзена непасрэдна П.К.Панамарэнку. Карная аперацыя пад кодавай назвай “Фрулінгфест” (“Свята вясны”) намячалася на красавік – май. У ёй павінны былі ўдзельнічаць 6 нямецкіх дывізій з танкамі і авіяцыяй. Напярэдадні наступлення карнікаў для каардынацыі дзеянняў партызан у зоне была створана спецгрупа на чале з У.Е.Лабанком.Вельмі жорсткія баі ішлі на працягу трох тыдняў, якія закончыліся прарывам кальца акружэння. Цяпер гэты партызанскі подзвіг вядомы як “Прарыў”.

Набліжаўся час вызвалення Беларусі. 23 чэрвеня пачалася наступальная аперацыя “Баграціён”. Актывізавалі дзеянні і партызаны. 25 чэрвеня войскі 43-й арміі генерала Белабародава і 39-й арміі генерала Люднікава злучыліся ў нашай партызанскай зоне і рушылі далей на захад. А ў Віцебскім “мяшку” аказалася звыш 5 дывізій і многа разрозненых часцей 3-й нямецкай танкавай арміі агульнай колькасцю 50 тысяч чалавек, з якіх больш 16 тысяч было ўзята ў палон адразу. Паколькі нашы войскі гналі ворага далей, да Літвы і Латвіі, то ачышчаць тыл ад акружаных і раз’яднаных нямецкіх часцей віцебскага “катла” павінны былі мы, партызаны. І хоць многія немцы здаваліся ў палон без бою, але былі і “гарачыя” стычкі з тымі, хто спрабаваў прарвацца на захад.

Пачалося мірнае жыццё. Партызанскі генерал Дубаў – Фёдар Фаміч Дуброўскі, які быў першым сакратаром Чашніцкага райкома партыі, узяўся за мірныя справы – адраджэнне жыцця знявечанай ворагам, але няскоранай зямлі.

Плывучы шпіталь на Жэрынскім возеры.

З успамінаў М.С.Завадскай

4 чэрвеня 1943 года мяне прызначылі начальнікам медыка-санітарнай службы брыгады імя К.С.Заслонава. Тады ж была арганізавана медыка-санітарная служба брыгады і перасоўны хірургічны шпіталь, кіраўніком якога камбрыг Л.І.Сяліцкі прызначыў мяне. Адразу была наладжана медыка-санітарная служба ў атрадах. Узначалілі яе медыкі з мясцовага насельніцтва і ўцёкшыя з лагераў ваеннапалонныя ўрачы і медсёстры: Дар’я Пятроўна Віннікава, Мікалай Агеевіч Гапоненка, Мікалай Герасімавіч Лялькоў, Кацярына Аляксееўна Манкевіч, Павел Ягоравіч Някрасаў, Надзея Сцяпанаўна Панкратава, Валянціна Іванаўна Пахамовіч, Ефрасіння Мікалаеўна Самсонава, Ганна Іванаўна Сафронава, Ала Паўлаўна Скрыпачова, Надзея Аляксееўна Сакалова, Анатоль Аўрамавіч Сухадолаў, Любоў Апанасаўна Туравец, Марыя Авакумаўна Фельдчанка, Вера Сяргееўна Хаміцкая, Вольга Уласаўна Панкратава, Марыя Іванаўна Бялухіна.

У чэрвені 1943 года маёй першай задачай было ліквідаванне захворвання фурункулёзам. Неадкладна было арганізавана мыццё і кіпячэнне бялізны, лячэнне сульфамідамі, аўтагематэрапія, актыўнае ўжыванне ў ежу хворых гародніны. Усё гэта дазволіла ў кароткі тэрмін ліквідаваць масавае захворванне.

Першы ранены, якому давялося аказваць дапамогу,быў брыгадны разведчык Фёдар – Цыган (так яго ўсе звалі). Калі ён вяртаўся з разведкі, конь наскочыў на міну. Ад выбуху каня разарвала, а Фёдара параніла ў руку і нагу. Давялося рабіць аперацыю. Тэмпература ў хварога была больш сарака градусаў, пачыналася газавая гангрэна нагі, але Федзю ўдалося выратаваць.

З мая 1943 па чэрвень 1944 года ў брыгадзе зарэгістравана 200 раненых. У іх ліку былі ўключаны лёгкапараненыя партызаны, якія заставаліся ў страі. Раненні былі самыя розныя: чэрапамазгавыя, грудной клеткі, канечнасцей і г.д. У час аперацыі ўсе партызаны былі вельмі цярплівымі. Даводзілася рабіць аперацыі без абязбольвання пры святле газавай лампы. Памятаю, як у снежні 1943 года мне давялося рабіць аперацыю штурману самалёта, які прывёз з Вялікай зямлі тол для брыгады. Самалёт быў атакаваны і загарэўся. Экіпажу ўдалося выратавацца. Цяжка параненага штурмана Васіля Паўлавіча Пастэрнака даставілі ў шпіталь. Трэба было выцягнуць мноства асколкаў са спіны і пазваночніка. Я здзіўлялася вытрымцы гэтага мужнага чалавека, які ў час аперацыі нават не стагнаў. І такіх прыкладаў шмат. Адзіным абязбольваючым сродкам былі словы: “Мілы, дарагі, родны, пацярпі”.

Перавязачны матэрыял нам дастаўлялі самалётамі з Вялікай зямлі, а таксама прыносілі сувязныя, якія даставалі яго у варожых шпіталях. Але часта гэтага перавязачнага матэрыялу не хапала. Тады даводзілася выкарыстоўваць занавескі, навалкі, кашулі, якія ашчадна апрацоўваліся і стэрылізаваліся. У нас існаваў маленькі партызанскі спіртзавод – самагонны апарат з дапамогай якога мы атрымалі спірт градусаў 90. Сяляне в.Жэрына па майму чарцяжу зрабілі шыны для імабілізацыі раненых. Хірургічных інструментаў было мала – яны ўсе змяшчаліся ў адзіным вялікім стэрылізатары. Былі два біксы, два латкі, самавар, два вядры, ліхтар, лапаты, тканае палатно, халат. Для аказання першай дапамогі раненым і хворым ў медыцынскіх работнікаў шпіталя былі самадзельныя сумкі з наборам медыкаментаў. У шпіталі былі насілкі, зробленыя з сялянскіх посцілак. Быў таксама конь з павозкай на выпадак першай эвакуацыі.

Абставіны не дазвалялі эвакуіраваць цяжка параненых. Паводле прапановы камбрыга Л.І.Сяліцкага, у час карных фашысцкіх аперацый у 1943 годзе раненых двойчы хавалі ва ўкрыцці на плывучым востраве Жэрынскага возера. Летам і восенню абслугоўвала тут раненых аперацыйная сястра Аляксандра Апанасаўна Пракаповіч. У гэтай справе ёй дапамагаў партызан Грамадскі. Аляксандра Апанасаўна павінна была перавязваць раненых, карміць іх, мыць і стэрылізаваць бінты. Ежу, медыкаменты, перавязачны матэрыял дастаўлялі ў плывучы шпіталь на лодках з в.Грыбіна. На востраве раненыя знаходзіліся каля двух месяцаў. Дапамагалі ў гэтай справе жыхары в.Грыбіна.

Пасля чарговага рэйду наша брыгада вярнулася на сваю базу ў в.Грыбіна. Я адразу паплыла на лодцы да раненых. Трэба было бачыць, з якой радасцю сустракалі мяне раненыя. Гэта было для іх збаўленне ад трывог і хвалявання за свой лёс. Хутка раненых перавезлі ў в.Грыбіна.

Мне даводзілася прымаць удзел у многіх баявых аперацыях партызанскай брыгады імя К.С.Заслонава ў якасці ўрача. Я добра страляла з пісталета, на поясе заўсёды насіла гранату-лімонку. Не аднойчы маё жыццё падвяргалася смяротнай небяспецы. Але тады аб гэтым я нават не думала. У канцы сакавіка я цяжка захварэла на сыпны тыф, і мяне адправілі на самалёце ў тыл.

Шмат год прайшло з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Але я яскрава памятаю ўсіх выратаваных мной раненых партызан, увесь медперсанал шпіталя, а таксама добрых людзей – мясцовых жыхароў, якія дапамагалі нам у выратаванні людзей, у справядлівай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Змагаліся сем’ямі.

Звесткі з музейных архіваў.

Каля 30 партызанскіх сем’яў пражывалі ў Чашніцкім раёне. Кожнае свята яны дружна збіраліся на вуліцах і плошчах, ля школ, ля брацкіх магіл, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых.

Цяжка пералічыць тое, што прыйшлося перажыць гэтым сем’ям: пакуты, жахі, нястачы, смерць дарагіх людзей. Трывога за сваіх родных і блізкіх ні на хвіліну не пакідала гэтых людзей.

І ўсё ж маладосць, прага да жыцця бралі сваё. Было каханне, была надзея на будучае. І гэта дапамагло ім выжыць, выстаяць у цяжкія гады вайны, захаваць лепшыя чалавечыя якасці.

Партызанскія сем’і аказаліся надзвычай трывалымі. Ветэраны не маглі ўспомніць выпадку, калі б такія сем’і распадаліся. Спагадлівасць, дабрыня, добразычлівасць, моцнае сяброўства аб’ядноўвалі гэтыя сем’і паміж сабой, іх агульнае цяжкае мінулае і памяць аб загінуўшых у гады вайны сябрах і таварышах.

Былы баявы камандзір атрада брыгады “Дубава” Барыс Паўлавіч Звонаў пасля вайны працаваў у савецкіх, партыйных і гападарчых органах. Узнагароджаны ордэнам Леніна. Яго жонка Лідзія Платонаўна – заслужаная настаўніца БССР.

Вялікі баявы і працоўны ўклад сям’і Белюковых – Віктара Гаўрылавіча і Марыі Нікіфараўны. Многа год працавала медыцынскай сястрой Марыя Нікіфараўна. Разважлівая, рухавая, яна была адначасова і спачувальнай, і патрабавальнай. Не злічыць, колькі чалавечых жыццяў выратавала яна ў гады вайны і ў пасляваенны час.

Вядомымі і паважанымі ў Чашніках з’яўляліся сем’і Кірыла Пятровіча і Вольгі Аляксандраўны Чэпікаў, Пятра Іванавіча і Вольгі Мікалаеўны Мурасіных, Міхаіла Мітрафанавіча і Марыі Пятроўны Шыян, Івана Ягоравіча і Надзеі Емяльянаўны Алісіевічаў, Івана Сямёнавіча і Ядвігі Ісакаўны Белавусавых, Аляксандра Мацвеевіча і Марыі Сямёнаўны Шнітко, Дзмітрыя Ігнатавіча і Любові Сямёнаўны Рыпакоў, Аляксандра Кірылавіча и Ніны Андрэеўны Непляховічаў, Мікалая Сямёнавіча Лемеша і заслужанай настаўніцы БССР Кацярыны Сямёнаўны Лісоўскай, Архіпа Іларыёнавіча і Веры Міхайлаўны Папко, Станіслава Іосіфавіча і Любові Сцяпанаўны Стома, Міхаіла Мартынавіча і Зінаіды Фёдараўны Дзятлоўскіх, Усевалада Сцяпанавіча і Фядоры Барысаўны Аўтуковых, Івана Іванавіча і Лідзіі Фёдараўны Пазнякоў, Фёдара Міхайлавіча і Ганны Васільеўны Радзіёнавых, Якава Міхайлавіча і Антаніны Рыгораўны Галузаў, Ніканора Георгіевіча і Хрысціны Сідараўны Баркевічаў і інш.

Кожная сям’я – гэта цэлая гісторыя жыцця і барацьбы.

Былі і вялікія партызанскія сем’і. Так, партызанская сем’я Арцёма Іванавіча і Лукер’і Селівееўны Пазнякоў з в.Пачаевічы складала 11 чалавек. На ўвесь свет вядома партызанская сем’я Нікіфара Цярэнцьевіча Рыдлеўскага. Яго здымак з дзвюма дочкамі Вольгай і Зінаідай змяшчаўся ў шматлікіх выданнях. Цікавая гісторыя партызанскай сям’і Івана Сяргеевіча іСям’я Пазнякоў з в.Пачаевічы.

У Арцёма Іванавіча і Лукер’і Селівееўны было 8 дзяцей – 4 дзяўчынкі і 4 хлопчыкі. Толькі старэйшая дачка Вера паспела да вайны выйсці замуж і паехала ў Ленінград. Радаваліся бацькі нараджэнню першага ўнука Валодзі. Але ў хуткім часе дайшла да бацькоў трагічная вестка – у Фінляндыі загінуў муж дачкі. У пачатку вайны Вера з трохгадовым сынам Валодзем прыехала да бацькоў у Пачаевічы.

Сын Ілля, які пайшоў на армейскую службу ў 1940 г., у пачатку вайны трапіў у нямецкі палон. Цудам яму ўдалося ўцячы. Пасля доўгіх блуканняў Ілля прыйшоў у бацькоўскі дом, а ў 1942 г. пайшоў у партызанскую брыгаду “Дубава”.

Веснавой раніцай 1943 г. да дому Пазнякоў на конях пад’ехалі паліцаі. Яны ўсё перашукалі ў доме, пагражалі гаспадарам, а потым, пагрузіўшы ўсё лепшае на фурманкі і забраўшы карову, цялушку, свіней, авечак, курэй і гусей – усё, што было ў гаспадарцы і з чаго ў гэтыя цяжкія гады жыла сям’я, паехалі ў Чашнікі.

Адзін з паліцаяў цішком паспеў шапнуць Арцёму Іванавічу: “Бацька, калі цябе цяпер не возьмуць, то хутчэй уцякай з дому, бо заўтра будзе ўсім “капут”.

Ноччу ўпотай уся сям’я Пазнякоў пакінула дом і накіравалася на в.Ляхавічы. Ад Іллі было вядома, што ў гэтай вёсцы Лепельскага раёна размяшчаўся штаб брыгады “Дубава”.

У розныя атрады былі залічаны Люба, Раман, Іван і Таццяна. Разам з кулямётчыкам Іллёй байцамі партызанскай брыгады “Дубава” былі 5 чалавек сям’і Пазнякоў. Пры шпіталі працавалі бацька і маці, з імі была дачка Вера з маленькім сынам Валодзем, а таксама непаўналетнія Аляксандр і Надзя.

Колькі давялося перажыць сям’і ў гады вайны – не пералічыць. Хваляваліся не толькі за сябе і сваё жыццё, а за ўсіх 11 чалавек з сям’і, якім амаль кожны дзень пагражала небяспека.

Аднойчы ля в.Акольнікі на варце стаяў Іван Пазняк. Разам з другім партызанам яны з даху хлява назіралі за дарогамі. Іван не заўважыў, як з процілеглага ад яго боку падышлі немцы. Другі вартавы, убачыўшы немцаў, кінуўся наўцёкі. Калі Іван пачуў нямецкую гаворку, уцякать ужо было позна. Можна было б перачакаць, калі немцы пойдуць з хаты назад. А раптам яны захочуць зайсці ў хлеў і адразу ўбачаць Івана? Не, трэба нешта рабіць. Улучыўшы момант, Іван па-пластунску выбраўся з хлява і папоўз у бок лесу.Ужо на гарушцы, падняўшыся на ногі, ён пабег. Немцы ўбачылі яго і пачалі страляць. І невядома, як бы ўсё скончылася, калі б на выратаванне не падаспеў брат Ілля. Даведаўшыся ад партызана, які прыбег у атрад, аб здарэнні, Ілля накіраваўся на кані да в.Акольнікі. На поўным скаку ён падхапіў на сані Івана і памчаўся ў лес, куды немцы пабаяліся ісці.

Усім членам сям’і прыйшлося перажыць блакаду на воз. Палік. Тут загінуў галава сям’і Арцём Іванавіч, які на фурманцы ехаў разам з Лукер’яй Селівееўнай, дачкой Надзеяй і ўнукам Валодзем. Калі пачалася бамбёжка, ён схаваў усіх ва ўкрыцці, а сам пайшоў паглядзець каня. У гэты час побач узарвалася бомба.

Усіх членаў сям’і Пазнякоў вылучала дасціпнасць, працалюбства, паважлівасць да людзей, а таксама вялікае сяброўства паміж сабой.

Сям’я Чыжыкаў з в.Зазерыца.

З расказа Марыі Нікіфараўны Белюковай.

У пачатку вайны настаўнік Цяпінскай школы Іван Іванавіч Чыжык наладзіў сувязь з партызанамі, а ў 1942 годзе пайшоў у партызанскую брыгаду “Дубава”.

У маі ў в.Зазерыца, дзе жылі бацькі партызана, нечакана прыбыў атрад карнікаў. Яны сабралі ля дома Чыжыкаў усіх жыхароў вёскі. З аднаго боку вясковай вуліцы паставілі ў рад жанчын з дзяцьмі, з другога – мужчын. Немец пры дапамозе перакладчыка пачаў гаварыць. Ён паведаміў спалоханым жыхарам, што будзе ўчынена расправа над партызанскай сям’ёй Чыжыка Івана Сяргеевіча, бо іх сын бандыт, партызан. Немец паведаміў, што такі ж лёс напаткае кожную партызанскую сям’ю. Далей ён сказаў, што калі жыхары вёскі будуць дакладваць нямецкім уладам аб сувязях з партызанамі, то вёску нішчыць не будуць, а спаляць толькі хату Чыжыка. Усе пачалі прасіць не паліць хату Чыжыка; ад яе загарыцца ўся вёска, бо пабудовы размешчаны блізка адна ад адной. Тады карнікі забралі і пагрузілі на фурманку лепшую маёмасць, а ўсё астатняе ў доме разбілі, паламалі, нават печ разбурылі. Да фурманкі прывязалі карову, пасадзілі гаспадыню дома Пелагею Піліпаўну. На другую фурманку сеў стараста вёскі Восіп Карага, якому якраз выпала чарга выконваць гэтыя абавязкі. Немцы далі яму пакет і загадалі везці ўсё ў Чашнікі.

… Калі фурманка наблізілася да в.Цяпіна, Пелагея Піліпаўна рашуча прыпыніла каня і злезла з фурманкі. На здзіўленае пытанне старасты: “Ты што, Пелагея, куды ты?” – цвёрда адказала: “Ты як хочаш, Восіп, а я ўцяку”. Напалоханы стараста пачаў упрошваць Пелагею, каб яна не ўцякала, бо немцы яго за гэта расстраляюць. Ты, Восіп, вязі пакет, - сказала Пелагея Піліпаўна, - дабро наша, карову. Здай усё там немцам, а калі стануць пытацца пра мяне, то адкажы, што трэба было б даць ружжо, тады б жанчына не ўцякла”. Так і дамовіліся.

А ў гэты час у вёсцы непаўналетніх Дуню і Нэлю забралі да сябе суседзі. Старэйшая Маша пабегла да возера і там схавалася. Залезла ў сцюдзёную ваду, а галоўку схавала ў нахіленым над вадой лазняку. Калі б яе знайшлі там, то ў дзяўчынкі, як яна аб гэтым пазней расказала, быў намер утапіцца, але не трапіць жывой у рукі ворага.

Доўга і ўпарта шукаў Машу паліцай, клікаў яе, але ні з чым вярнуўся ў вёску. Маша з цяжкасцю выйшла на бераг, бо ад халоднай вады ўся здранцвела. Добра, што якраз у гэты час вудзіў на возеры рыбу селянін з в.Каміншчына. Ён і перавёз дзяўчынку на лодцы ў сваю вёску, адкуль яна потым дабралася да партызан, сустрэлася з роднымі.

Гаспадара дома Івана Сяргеевіча Чыжыка зачынілі ў хаце, паставілі вартавога з кулямётам. Мабыць, хацелі дачакацца ворагі сына Івана Сяргеевіча з партызанскага атрада. Але ноччу паліцай задрамаў. Іван Сяргеевіч ціхенька выпаўз з дому і пайшоў у партызанскі атрад “Дубава”, дзе потым сустрэўся з Пелагеяй Піліпаўнай і дачкой Машай. У неверагодных абставінах усе члены сям’і Чыжыкаў засталіся жывымі.

У партызаны ўсёй сям’ёй.

Звесткі з музейнага архіва.

Да вайны сям’я Рыдлеўскіх жыла ў в.Чарэя. Нічыпар Цярэнцьевіч працаваў старшым конюхам калгаса “Колас”, дочкі вучыліся ў школе, два сыны служылі ў арміі. Маці памерла рана. Вольга скончыла 9 класаў, Зіна – 7 калі пачалася вайна.

Рыдлеўскія хутка адчулі, што такое “новы парадак”. Як толькі з’явіліся весці аб першых дзеяннях партызан, бацька з дочкамі падаўся ў лес. Нічыпар Цярэнцьевіч, стары кавалерыст, стаў ад’ютантам намесніка камандзіра Сенненскай партызанскай брыгады. Мясцовасць ён ведаў выдатна і ў час аперацый дакладна выводзіў партызан у патрэбны раён. Вольгу з першых дзён накіравалі ў санітарны ўзвод. Навучылася рабіць перавязкі, аказваць першую медыцынскую дапамогу параненым .Зіну залічылі ў стралковае падраздзяленне.

Неўзабаве Вольга Рыдлеўская атрымала першае баявое хрышчэнне. Вось што ёй запомнілася:

-Наш атрад імя Кутузава брыгады Лявонава прымаў удзел у нападзенні на гарнізон у Халопенічах. Поўнасцю разграміць яго не ўдалося, адступалі пад агнём. Мне было страшна. І раптам пачула: “Санітары!”. Канулася на голас і ўбачыла параненага партызана. У бядры глыбока засеў асколак міны. Пінцэтам яго намацала і выцягнула. Тут бы адразу перавязку зрабіць, ды прыбег нехта з камандзіраў: “Адыходзьце, праз некалькі мінут тут немцы будуць”. І мы неслі параненага пад агнём, пакуль не выбраліся з небяспечнай зоны. Дарэчы, той партызан, першы у маім жыцці паранены, - Аляксей Бурко. Потым ён далечваўся на Вялікай зямлі, цяпер жыве ў в.Гара, у трох кіламетрах ад Чарэі. Інвалід вайны. Мы з ім пастаянна падтрымлівалі сувязь. Той бой і кроў быццам параднілі нас.

Потым Вольга ўдзельнічала ў разгроме фашысцкага абозу, у “рэйкавай вайне”, перажыла найцяжэйшую блакаду на Паліку.

Зіна ў партызанах стала стралком, але вінтоўка, якую ёй выдалі, была велікаватай. Калі несла яе на рамяні, прыклад ледзь не па зямлі валачыўся. Але скідкі на ўзрост не прымала, удзельнічала ва ўсіх аперацыях разам са сваім узводам.

І вось настаў дзень вызвалення раёна. Калі партызаны Сенненскай брыгады злучыліся з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі, Нічыпар Цярэнцьевіч з гонарам выканаў апошняе баявое заданне. Добра ведаючы родныя мясціны, ён глухімі дарогамі правёў групу танкаў у тыл ворага. У канцы чэрвеня 1944 г. Нічыпар Цярэнцьевіч з дочкамі пры зброі дабраліся да сваёй вёскі. Разлічвалі ўбачыць родны дом, а засталі толькі папялішча. У гэты час у двор забег малады афіцэр з фотаапаратам на грудзях, прадставіўся франтавым карэспандэнтам і тут жа нацэліў аб’ектыў.

-Але яму штосьці не спадабалася ў тым, як мы стаім, - успамінла Вольга Нічыпараўна. – І ён выстраіў нас у шарэнгу па ўзросту. Я была падпяразана кулямётнай стужкай, дык карэспандэнт павесіў мне яе цераз плячо. Выгляд у нас на здымку вясёлы, бадзёры, але, шчыра кажучы, было не да весялосці. Падвор’е разгромлена, абжывацца трэба было на голым месцы.

Як жа склаўся далейшы лёс сям’і? Сыны Нічыпара Цярэнцьевіча Рыдлеўскага Аляксандр і Уладзімір загінулі на вайне. Пасля вайны Нічыпар Цярэнцьевіч працаваў у калгасе, хоць меў ужо каля сямі дзесяткаў год. У тыя цяжкія часы аднаўлення патрэбны былі і яго ўмелыя рукі. Памёр ён у 1957 г.
Вольгу Нічыпараўну накіравалі ў распараджэнне Брэсцкага аблвыканкома, 35 год працавала яна ў аддзеле сацыяльнага забеспячэння. А Зінаіда Нічыпараўна, скончыўшы педінстытут, настаўнічала ў Ашмянскім раёне. Удастоена звання “Заслужаны настаўнік БССР”.

Пелагеі Піліпаўны Чыжыкаў.

556