Прайсці шляхамі Скарыны: чацвёртакласнікі ў Музеі беларускага кнігадрукавання


На мінулым тыдні ў сценах музея прайшлі музейна-педагагічныя заняткі «Францыск Скарына – чалавек эпохі Адраджэння» для вучняў чацвёртых класаў. Тэма для музея традыцыйная, а вось змест заняткаў значна змяніўся.
Хлопчыкі і дзяўчынкі шмат даведаліся пра вучонага і гуманіста эпохі Адраджэння – свайго земляка Францыска Скарыну: пачулі малавядомыя факты з яго біяграфіі, рэканструявалі яго навуковы шлях ад простага вучня Францішка да доктара навук Францыска Скарыны і нават сабралі «скрыню вучонасці» беларускага першадрукара, куды змясцілі ўсе навукі, якімі давялося авалодаць знакамітаму палачаніну. Не абмінулі ўвагай навацыі ў друкаванай кнізе і яе сувязь з кнігай рукапіснай. Ну і, вядома ж, прайшлі цікавае выпрабаванне: на нейкі час сталі наборшчыкамі ў старадаўняй друкарні ды сабралі свой тэкст па ўсіх тагачасных правілах.
У канцы заняткаў дзяцей чакала ўзнагарода – яны ўсе атрымалі навуковыя ступені «дактароў скарыназнаўства».

655