Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання рыхтуюцца да 160-годдзя Б.І. Эпімаха-Шыпілы

У 2019 г. адзначаецца 160-годдзе з дня нараджэння выхадца з Полаччыны Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы - вядомага мовазнаўца, літаратуразнаўца, фалькларыста, выдаўца, прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта. У Музеі беларускага кнігадрукавання з гэтай нагоды будзе арганізавана выстава. І хаця наперадзе яшчэ больш за тры месяцы, супрацоўнікі музея актыўна вядуць пошук экспанатаў, распачаты яшчэ мінулай восенню.

Чарговым этапам падрыхтоўкі будучай выставы стала наведванне Народнага комплекснага музея Ветрынскай СШ, у экспазіцыі якога ёсць раздзел «Б.I. Эпiмах-Шыпiла». Музей быў адкрыты ў 1998 г. У ім прадстаўлена інфармацыя аб жыцці і дзейнасці вучонага, яго стасунках з лепшымі прадстаўнікамі нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст., сабраны дакументы і фотаздымкі, успаміны і сведчанні старажылаў і нават амбарны замок з сядзібы «паноў Шыпілаў». З музеем наведвальнікаў знаёміў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Р.І. Арол. У выніку гэтай рабочай сустрэчы з фонду школьнага музея былі адабраны цікавыя і каштоўныя прадметы, якія ў хуткім часе змогуць убачыць наведвальнікі выставы ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

696