Сёння графіка асабліва запатрабаваная сярод майстроў і аматараў, што знайшло адлюстраванне у калекцыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у фондах якога сабрана багатая і разнастайная калекцыя друкаванай і станковай графікі. Такая актуальнасць гэтага віду мастацтва вызначаецца здольнасцю графікі хутка і жыва адгукацца на творчы парыў і думку мастака, адпавядаць яго індывідуальнаму почырку і стылю.
Выстава беларускай друкаванай графікі ўвабрала ў сябе працы таленавітых майстроў, якія валодаюць непаўторным стылем, і знаёміць са шматлікімі відамі і тэхнікамі эстампа. Тэхналогія эстампа дзівосна разнастайная і ўключае рознахарактарныя прыёмы: ксілаграфію, літаграфію, лінагравюру, афорт, манатыпію і іншыя. Кожная з іх мае свае складанасці і спецыфіку выканання, адрозніваецца своеасаблівасцю лініі і штрыха.
Беларуская друкаваная графіка карыстаецца сусветнай вядомасцю дзякуючы высокаму прафесійнаму ўзроўню беларускіх мастакоў. Сярод аўтараў, чые работы прадстаўлены на выставе: Уладзімір Савіч, Андрэй Басалыга, Юрый Якавенка, Леў Аімаў, Вольга Нікішына, Таццяна Радзівілка, Канстанцін Селіханаў, Павел Амелюсік, Тамара Шэлест, і многія іншыя – як прыхільнікі акадэмічных прыёмаў, так і мастакі, якія аддаюць перавагу эксперыменту ў тэхналогіі і выкананні эстампа. Экспазіцыя выставы ў Мастацкай галерэі сумяшчае пераемнасць старадаўніх традыцый і сучасны падыход у справе друкаванай графікі.
Шчыра запрашаем! Выстава будзе працаваць да 8 кастрычніка.
Мы знаходзімся па адрасе: г. Полацк, вул. Стралецкая, 4А-4
Спраўкі па тэлефону: 42-36-32
Як прайшло адкрыццё, можна даведацца тут.